Паўстанне камунерас
Паўстанне камунерас (ісп.: Guerra de las Comunidades de Castilla) — паўстанне кастыльскіх гарадоў на чале з Таледа ў 1520—1522 гадах, супраць імператарскай улады імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Карла V, які з'яўляўся таксама іспанскім каралём пад імем Карл I. Паўстанцы стварылі «Свяшчэнную хунту» (ісп.: La Santa Junta de las Comunidades), да якой далучыліся амаль усе гарады Кастыліі, у тым ліку сталіца Вальядалід. Паўстанцы настойвалі на тым, каб Карл V жыў у Іспаніі, пратэставалі супраць абсалютызму Карла і яго нідэрландскіх саветнікаў у імя нацыянальных устаноў Іберыі; патрабавалі адхілення замежнікаў ад кіравання, рэгулярнага склікання картэсаў, пашырэння гарадскога самакіравання, забароны вывазу залатой манеты за мяжу. Рух камунерасаў прыняў цалкам дэмакратычны характар.
Паўстанцы абвясцілі Хуану Вар'ятку кіраўніцай Іспаніі. Шырокі размах руху, які прыняў з 1521 года антыдваранскі характар, вымусіў дваранства перайсці на бок караля. У бітве пры Вільялары (23 красавіка 1521) сілы Камунерас (паўстанне гарадоў Кастыліі), якіх ўзначальваў Хуан Падылья, былі разгромлены, сам ён і іншыя правадыры Хунты ўзяты ў палон і пакараны смерцю. У 1522 годзе супраціўленне паўстанцаў было канчаткова падушана. Урадавыя рэпрэсіі працягваліся да 1526 года.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Паўстанне камунерас